?

Log in

No account? Create an account
Памёр Вялікі Змагар за Волю Беларусі - Ніхай Жыве

> Апошнія запісы
> Архіў
> Сябры
> Профіль карыстальніка

траўня 20, 2006


Папярэдні запіс Share Наступны запіс
03:36 pm - Памёр Вялікі Змагар за Волю Беларусі
Памёр Уладзімер Плешчанка, старшыня Віцебскай абласной рады КХП БНФ

Сьмерць напаткала яго раптоўна, каля бацькоўскае хаты ў вёсцы Вароны Віцебскага раёну. Тут ён жыў цягам некалькіх апошніх год, трымаючы невялікую гаспадарку, якая сталася галоўным сродкам ягонага існаваньня, бо зь невялікае пэнсіі па інваліднасьці судовыя выканаўцы час ад часу вылічвалі грошы на шматмільённыя штрафы.

Ва Ўладзімера Плешчанкі было хворае сэрца. Але па некалькі разоў на тыдзень ён прыяжджаў у Віцебск і разам з сябрамі ладзіў пікеты ля так званага “сіняга дому” – раздаваў улёткі ці проста стаяў пад бел-чырвон-белым сьцягам, выклікаючы ў кагосьці з мінакоў цікаўнасьць ды павагу, а ў кагосьці – пагарду і неразуменьне... Яго ведаў у Віцебску ці ня кожны – незалежна ад пасадаў ды палітычных перакананьняў: ягоная постаць каля “сіняга дому” сталася знакавай для ўсіх віцяблянаў. Зь ім прыходзілі параіцца або паспрачацца, ягонага хворага сэрца хапала на ўсіх.

Сэрца Ўладзімера Плешчанкі спынілася на 57-м годзе жыцьця.

svaboda.org

Ён адсядзеў 7 месяцаў за кратамі як падазроны ў справе зьнікненьня бюста Суворава з пастамэнту ў двары гарваенкамату ля Кастрычнiцкага РАУС. Вось ягоны расповед: "Сьледчыя хацелі зрабіць мяне Міронам".

Вось, напрыклад, вытрымкі з віцебскага сайту Svojskaha Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro (на якім зьмешчана вельмі шмат цікавай інфармацыі пра самаахвярную дзейнасьць віцебскіх патрыётаў), што датычацца рэпрэсыяў супраць Уладзімера Плешчанкі:



1999-05-05

Традыцыйна ў міліцэйскім пастарунку адзначылі міжнародны дзень свабоды прэсы супрацоўнікі газэты “Выбар” Барыс Хамайда ды Ўладзімір Плешчанка.

Як зазвычай яны выйшлі на сваё мейсца “ля сіняга дому” у цэнтры Віцебска, каб распаўсюджваць сваю газэту разам зь іншымі беларускімі выданьнямі. На грудзёх Б. Хамайда прыладзіў шыльдачку: “Незалежная прэса”.

Неўзабаве зьявіліся знаёмыя міліцыянты. Яны запрасілі “пікетоўцаў” у пастарунак для віншаваньняў з прафэсійным сьвятам. У якасьці падарунку там былі падрыхтаваныя пратаколы аб парушэньні арт. 167 ч. 2 АК РБ (“несанкцыянаванае пікетаваньне”). Асабліва ўсьцешыў газэтчыкаў запіс у пратаколе: “выказвалі нязгоду з палітыкай, якая праводзіцца ў дзяржаўнай прэсе” (па-расейску).

1999-06-16

Уладзімір Плешчанка атрымаў позву да судовага выканаўцы з патрабаваньнем 16 чэрвеня прынесьці 51 193 000 рублёў. У адваротным выпадку яму пагражае 15 сутак арышту.

На гэткую суму грошай дзяржава аштрафавала старшыню Віцебскай Рады БНФ “Выбар” за ягоню актыўную грамадзкую пазыцыю яшчэ ў 1997-98 гг.

1999-10-05

Два прафсаюзныя мітынгі пратэсту, якія былі дазволеныя ўладамі, адбыліся ў Віцебску 30 верасьня.

[...]

Пасьля заканчэньня мерапрыемства быў затрыманы старшыня Віцебскай Рады БНФ “Выбар” Уладзімір Плешчанка. Таксама спрабавалі затрымаць настаўнiка беларускай мовы сярэдняй школы № 40 горада Вiцебска Мiколу Яраша, які меў на галаве бел-чырвона-белую стужку. Калі М. Яраша вызвалілі з міліцэйскіх абдымкаў ўжо на плошчы, дык Ул. Плешчанка мусіў ісьці ў пастарунак. Там на яго склалі пратакол згодна арт. 172 п. 8 АК РБ аб распаўсюджаньні незаконнай газэты “Народный президент” у колькасьці аднаго асобніка. Пад час мітынгу гэтая газэта разышлася сярод прысутных з дапамогай невядомых. Тамсама, сярод іншых, распаўсюджвалася і забароненая ўладамі газэта “Выбар”, што, відаць, і прыцягнула ўвагу мясцовых пінкертонаў.

1999-12-08

У дзень падпісаньня расейска-беларускай дамовы аб стварэньні адзінай дзяржавы 8 сьнежня былі затрыманыя і дастаўленыя ў Віцебскую ўправу КДБ сябры Рады БНФ “Выбар”. КДБ зацікавілі Анатоль Букачоў, Уладзімір Плешчанка і Барыс Хамайда. Яны прыцягнутыя ў якасьці сьведкаў да крымінальнай справы згодна арт. 65 ч. 2 КК РБ (“Дывэрсыя”), якая прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

[...]

Старшыню Рады БНФ “Выбар” Уладзіміра Плешчанку гвалтоўна затрымалі на аўтобусным прыпынку. Яго таксама адвезьлі ў КДБ у якасьці сьведкі. Пытаньні тычыліся А. Букачова, “Славянскага базар” ды мэты паездкі Ул. Плешчанкі ў Варшаву. Дазнаўшыся пра сутнасьць справы, Ул. Плешчанка заявіў, што сёньняшні антыбеларускі рэжым зрабіў шмат сьвядомых беларускіх грамадзянаў непрацуючымі. Прыкладам, ні А. Букачоў, ні Б. Хамайда, ні ён сам ня могуць уладкавацца на працу. І, калі беспрацоўны настаўнік беларускай мовы А. Букачоў пачынае ўздымаць свой голас супраць засільля расейшчыны на Беларусі, дык справы памагатых антыканстытуцыйнаму рэжыму дрэнь. У выніку гэткай “размовы” старшыню Рады БНФ “Выбар” папрасілі пакінуць управу КДБ.

1999-12-10

Сваеасабліва ў Віцебску былі адзначаныя ўгодкі прыняцьця ААН Усеагульнай Дэклярацыі правоў асобы (10.12.1948).

Напярэдадні ўвечары 9 сьнежня непадалёк ад добра асьветленага лядовага палацу, які быў пабудаваны з ласкі галоўнага хакеіста краіны, быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Да гэтага часу яго не зьнялі.

10 сьнежня апоўдні Радай “Выбар” Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ быў наладжаны несанкцыянаваны пікет ля “сіняга дому” у цэнтры горада. Раман Салаўян, Барыс Хамайда і Ўладзімір Плешчанка трымалі плякаты, якія паведалялі віцяблянам, што: “Сёньня — Дзень правоў чалавека”, “Мы — бяспраўныя людзі”, “Саюзная дамова з Расеяй адбірае ў беларускай нацыі права на самавызначэньне”.

Пікет доўжыўся каля гадзіны. Потым прыехалі міліцыянты, якія запрасілі пікетоўцаў у пастарунак. Там на іх былі складзеныя пратаколы па арт. 167 ч. 2 АК РБ (“несанкцыянаваны пікет”). Далей “выбарцаў” адпусьцілі да суду.



2000-03-28

Як і планавалася ў Віцебску 25 сакавіка сябры Партыі БНФ правялі шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню Волі. Затрыманыя 10 асобаў, 6 зь іх апынуліся за кратамі.

[...]

Там жа [у прыёмніку-размеркавальніку абласнога УУС] апынуліся Уладзімір Плешчанка, Валеры Шчукін і Раман Салаўян, якіх затрымаў першапачаткова Чыгуначны райаддзел міліцыі. Іх судзілі толькі ў панядзелак 27 сакавіка. За непадпарадкаваньне міліцыі Раман Салаўян асуджаны на 5 содняў, Уладзімір Плешчанка і Валеры Шчукін — на 10.

2000-04-21

З наступнага дня пасьля вызваленьня У.Плешчанка праводзіць збор подпісаў супраць расейска-беларускага “саюзу” у цэнтры горада.

Толькі аднойчы яго затрымала й выпусьціла міліцыя з прабачэньнямі.

2000-07-10

Б. Хамайду і Ул. Плешчанку яшчэ раз затрымалі ля “сіняга дому” ў Віцебску пры зборы подпісаў. Яшчэ раз былі складзены пратаколы за несанкцыянаваны пікет. Яшчэ раз суд перанесены на 18 ліпеня.

2000-07-13

Б. Хамайду і Ул. Плешчанку затрымалі пры зборы подпісаў. Цяпер склалі пратакол за несанкцянаваны мітынг. Споўніўся месяц як Б. Хамайда пачаў публічны збор подпісаў за Незалежнасьць Беларусі ў цэнтры Віцебску.

2000-07-27

У цэнтры Віцебску Барыс Хамайда і Ўладзімер Плешчанка зьбіралі подпісы за Незалежнасьць і ў падтрымку Ўсебеларукага Зьезду. Прыйшоўшага раней за калегу Б. Хамайду затрымалі міліцыянты і склалі пратакол аб несанкцыянаваным пікеце.

2000-09-08

Як і плянавалася з 17:00 да 17:50 на плошчы Волі ў Віцебку сябры БНФ адзначалі дзень Беларускай Вайсковай Славы.

[...]

Пад зьверхнасьцю колькіх нацыянальных сьцягоў, у прысутнасьці прыхільнікаў нацыянальнай ідэі і проста шматлікага навакольнага люду, які зь цікаўнасьцю назіраў за падзеяй з транспарту і тралейбуснага прыпынку, адбылося сьвята. Плякаты, якія трымалі Уладзімір Плешчанка і Барыс Хамайда паведамлялі, што:
“8 верасьня 1514 года пад Воршай нашы ваяры ўшчэнт разьбілі маскоўскае войска”,
“Расея — не! Лукашэнка — не! Беларусь будзе вольнай незалежнай краінай!”.

[...]

Сваю лыжку дзёгцю ў бочку зь мёдам дадалі міліцыянты. Неўзабаве высьветлілася, што дазволу прарасейскай улады на правядзеньня мерапрыемства на пл. Волі няма. У сувязі з гэтым па чарзе былі затрыманыя Юрась Карпаў (са сьцягам), Зьміцер Піменаў (са сьцягам), Барыс Хамайда (з плякатам) ды Уладзімір Плешчанка (з плякатам). Першы і апошні выказалі супраціўленьне пры затрыманьні.

Далей на затрыманых былі складзеныя пратаколы па арт. 167 ч. 1 АК РБ — несанкцыянаваны мітынг (на ўсіх), — ды па арт. 166 АК РБ — непадпарадкаваньне міліцыі (Ю. Карпаў, Ул. Плешчанка).

2000-09-19

Сёньня Барыс Хамайда і Уладзімір Плешчанка наладзілі інфармацыйны пікет у цэнтры Віцебска. На плякаце былі прадстаўленыя дакуманты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, прыняты сёлета Акт Незалежнасьці. Тутака ж можна было падпісацца за падтрымку Незалежнасьці нашай краіны і непрызнаньні “саюзаў”.

Пікетоўцы былі затрыманыя міліцыяй. У пастарунку на іх склалі пратаколы па арт. 167 ч. 1 (несанкцыянаваны пікет), а таксама сканфіскавалі падпісныя лісты за Незалежнасьць. Міліцыянты паведамілі, што будуць дапытваць падпісантаў аб сутнасьці таго, пад чым яны падпісаліся.

2000-09-22

Учора й сёньня паўтарыліся затрыманьні ў Віцебску і складаньні пратаколаў за несанкцыянаваны пікет на Барыса Хамайду і Уладзіміра Плешчанку. Міліцыя ў кожным разе адбірае новыя плякаты й падпісныя лісты за Незалежнасьць і адпускае сябраў БНФ на волю да суду.

Пікетоўцы цьвердзяць, што маюць намер штодзённа (за выняткам выходных) да 15 кастрычніка ладзіць інфармацыйны пікет Партыі БНФ з мэтай растлумачэньня сваёй пазыцыі аб няўдзеле ў нелегетымным выбарчым мерапрыемстве прарасейскага рэжыму.

2001-01-20

Уладзімір Плешчанка паведаміў, што быў затрыманы ў 12:50 ля “сіняга дому” ў Віцебску.

Ён распаўсюджваў артыкул Зянона Пазьняка “Асьцерагайцеся чарцей з табакеркі” і навагоднюю казку “Пра зьмея Луку, пра чыстую руку і пра мех панцаку”. Хвілінаў праз 40 падыйшла міліцыя. Сталі вывучаць распаўсюджваемую літаратуру. Сабралося шмат людзей. З “дапамогай” міліцыі, якая прыцягнула ўвагу да падзеі, літаратура была хутка разабраная віцяблянамі. Апошнія асобнікі Ул. Плешчанка мусіў пакінуць для пратаколу, адмовіўшы ў іх, нават, кадэбэшніку.

Урэшце адвезлі затрыманага ў пастарунак. Але скласьці пратакол не змаглі, бо не знашлі адпаведны артыкул. Патэлефанавалі суддзі С. Туфан. А тая дала зразумець, што тут няма за што судзіць. Тады падпаўкоўнік Мурзавін загадаў сабраць усе рапарты аб затрыманьні, узоры літаратуры ды адправіць у пракуратуру Чыгуначнага р-ну Віцебска для праўнай ацэнцы дзеяньняў старшыні Віцебскай арганізацыі Партыі БНФ. Пасьля гэтага Ул.Плешчанка быў адпушчаны, прабыўшы ў міліцыі больш за 3 гадзіны.

2001-01-31

Учора ў дызелі "Віцебк — Ворша" адбыўся напад на Уладзіміра Плешчанку.

Як толькі ён увайшоў у вагон, яго там, відаць, чакалі. Адзін былы афіцэр КДБ, які езьдзіць у вёску Шаркі, нахабна схапіў Ул. Плешчанку за плечы і выгукнуў: “Дай артыкул Пазьняка!” Яшчэ не пасьпеў сябра БНФ раскрыць рот, падбягае малады хлапец і кажа: “Прадай!” Скеміўшы, што тут нешта ненармальнае, Ул. Плешчанка сабраўся йсьці далей. У сярэдзіне вагона яго даганяе гэты стары, учапіўся і пачынае выраваць артыкулы. Ул. Плешчанка не даецца, супраціўляецца. Тады стары стаў выломваць рукі, учапіўся за куртку ды так, што хутка яму будзе й у твар сунуць. Нават старыя бабы лукашысткі пачалі крычэць: “Не чапай, ён жа да цябе ня лезець!” І тады ўжо ледзь-ледзь сябра БНФ адбіўся. Падрапаў той стары Ул. Плешчанку і не паленаваў бегчы за ім тутака ж, выйшаўшы з вагону. Ні міліцыі, ні чаго такога на пэроне не было. А той малады, што прасіў прадаць, заступацца й абараняць артыкулы ня стаў.

Спазьніўшыся на той дызель, Ул. Плешчанка вырашыў ісьці да “сіняга дому” распаўсюджваць артыкулы З. Пазьняка. Пяць хвілінаў прастаяў, падыходзіць маладзён і кажа: “Плешчанка? Ідзі адсюль!” Пабачыўшы, што на яго не зважаюць, дадаў: “Зараз цябе забяруць.” І празь дзесяць хвілінаў пад’ехала машына й забрала сябра БНФ у пастарунак. А тама пачынаюць шукаць у затрыманага казку Кручка Ратнеяўскага. Бо зь мінулага затрыманьня пракурор адправіў “Казку” на экспертызу — ці ёсьць у ёй крымінал? Паглядзелі, што “Казкі” няма, склалі пратакол ды адпусьцілі.


2001-02-22

Барыс Хамайда й Уладзімір Плешчанка былі затрыманыя сёньня ля “сіняга дома” у Віцебску. На іх былі складзеныя пратаколы па арт. 162 ч. 2 (Несанкцыянаваны пікет). Потым яны былі адпушчаныя да суду.

У міліцыі засталіся плякаты сябраў БНФ:

“БАЙКОТ ВЫБАРАМ 18 САКАВІКА”
(паўторныя выбары ў Віцебску ў “палатку”, Б. Хамайда);

“КАНДЫДАТАМ У ПРЭЗІДЭНТЫ АД БЕЛАРУСКАГА ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ
БУДЗЕ ЗЯНОН ПАЗЬНЯК”
(Ул. Плешчанка).

Былі забраныя, таксама, сьвежыя асобнікі № 30(123) газэты “Выбар” і бюлетэня “Беларуская Салідарнасьць”.


І гэтае змаганьне не спынялася да самай ягонай сьмерці.
Слава Герою! Жыве Беларусь!
Tags:

(4 камэнтара | Пракамэнтаваць)

Comments:


From:bielarusaczka
Date:траўня 20, 2006 12:49 pm (UTC)
(Link)
Слава Герою! Жыве Беларусь!
[User Picture]
From:kurt_bielarus
Date:траўня 20, 2006 01:19 pm (UTC)
(Link)
Вечная памяць!
+
[User Picture]
From:_zmicer_
Date:траўня 22, 2006 02:08 pm (UTC)
(Link)
SLAVA!!!!!!!!!!!
From:zuzlan
Date:лістапада 4, 2008 01:12 pm (UTC)
(Link)
Писать картины – профессия, продавать их – искусство

> Go to Top
LiveJournal.com